Азначэнне веры


Вера ёсьць зьдзяйсьненьне чаканага і ўпэўненасьць у нябачным. У ёй засьведчаны продкі…
А бязь веры дагадзіць Богу немагчыма; бо трэба, каб той, хто прыходзіць да Бога, верыў, што Ён ёсьць і шукальнікам Яго дасьць.Яўр. 11:1,6.
Майце веру Божую Марк. 11:23.

Прадмет нашага ўважлівага досьледу — вера Божая.
Вера ёсьць самы дзейсны спосаб спазнаньня Бога. Як ні вялікія дасягненьні сучаснай навукі і як ні вялізарныя яе веды, яна толькі нешта змагла ўведаць аб Богу Ўсявышнім, Творцу сусьвету, «бо што можна ведаць пра Бога, ёсьць яўнае ім, таму што Бог явіў ім». Ягоная Боскасьць спазнаецца праз разгляданьне Ягонага тварэньня Рым. 1:19-20. Але да спазнаньня Самога Бога, Ягонай сапраўднай сутнасьці навука так і не дайшла. І наўрад ці дойдзе. Заданьне навукі -уведаньне навакольнага матэрыяльнага сьвету. Бог жа вядзе нас у сьвет духоўны.
Аўстрыйскі матэматык і логік, Курт Гедэль, выходзячы са сваёй тэарэмы аб няпоўнасьці фармальных сістэмаў, прыйшоў да прыцыповай немагчымасьці поўнай фармулізацыі навуковых ведаў. Інакш кажучы, усе аб’екты, якія маюць месца ў нашым сьвеце, нельга апісаць формуламі. І калі так яно і ёсьць, дык тым больш нельга ўціснуць у навуковую формулу сутнасьць нябачнага, усемагутнага і ўсюдыіснага Бога.
Сам Бог, Творца Сусьвету і чалавека, для спазнаньня Сябе галоўнае месца адводзіць веры і гэтым чынам дае магчымасьць кожнаму чалавеку самастойна знайсьці сэнс жыцьця.Жыцьцё бяз Бога і веры Божай -гэта жыцьцё прыцемкам, безь сьвятла, бяз духоўнае сілы, без арыентыра, бяз мэты і бяз сэнсу.
Нехта з мудрых людзей сказаў: «Страціўшы веру ў Бога, мысьліцель траціць сваю найвялікшую думку, дзеяч траціць сваю самую надзейную апору, пакутнік траціць сваё самае бясьпечнае прыстанішча, сьмяротны траціць сваю адзіную надзею».
Сьвятое Пісаньне — гэтая абсалютная мерка праўды — аўтарытэтна сьведчыць, што бязь веры спазнаць Бога, як сувэрэнную Асобу, як Госпада і Збаўцу нашага, немагчыма. Дакладна таксама немажліва і дагадзіць Богу, немажліва слухацца Яго, падпарадкоўвацца Яму, выконваць Ягоную сьвятую і добрую волю. Вера-гэта сіла, што вядзе нас у духоўным жыцьці. Яна ёсьць аснова збавеньня нашай душы. Праведнасьць і сьвятасьць — гэта плод веры, а бязь сьвятасьці ніхто ня ўбачыць Госпада Яўр. 12:14. Апраўданьне мы атрымліваем, калі раскайваемся і веруем у Госпада Рым. 5:1.
Вера ня ёсьць прадукт чалавечага разуму або плод чалавечага намаганьня; яна ня ёсьць і простае перакананьне розуму ў тым, што існуе Бог. Гэтак і дэманы вераць (і ведаюць), што Бог ёсьць, і трымцяць перад Ім Як. 2:19. Дэманы, паўшыя анёлы, былі ў прысутнасьці Бога, але спакушаныя паўшым хэрувімам, добраахвотна адпалі ад Яго 2 Пятр. 2:4. Яны прызнаюць і Бога, і Сына Ягонага, Ісуса Хрыста, прызнаюць Ягонае сувэрэннае права тварыць над імі суд і палохаюцца гэтага суда, бо ведаюць, што Ён праведны. Але згодна са сваёй сапсаванай прыродай працівяцца Богу і Ягонаму Слову, не пакараюцца Яму. Вера іхняя, як і мудрасьць іхняя, -«зямная, плоцкая, дэманская» Як. 3:15. Яна згубная і бескарысная.
На зямлі шмат людзей перакананых, што ёсьць у Сусьвеце вярхоўны Творца — Бог. Нават сярод філосафаў былі тыя, што прызнавалі Бога як вышэйшы Розум, але яны ў сапраўднасьці Яго не ведалі. Іхняе перакананьне ня ёсьць вера Божая, якая ратуе і ставіць чалавека на шлях праўды.
Вера ж Божая -жывая вера! Што гэта значыць?
Гэта значыць, па-першае, што яна прызнае права і ўладу Бога над асобай чалавека, прызнае Ягоную волю.Гэта непадзельнае жаданьне і гатоўнасьць падпарадкоўвацца і служыць Яму. А, па-другое, вера Божая ёсьць уяўленьне Самога Бога як аб’екта нашага пакланеньня, уяўленьне ўсіх бакоў Ягонай неабсяжнай Асобы. Гэта ня толькі прасьвятленьне розуму, але і прасьвятленьне сэрца. Гэта спазнаваньне Бога на ўласным вопыце, нашай духоўнай сутнасьцю, сутыкненьне нашага духа зь Ягоным Духам і прыняцьце Яго, запячатаньне Ім Эфэс. 1:13. «Вера ёсьць той канал, церазь які Божая міласьцi выліваецца ў сэрца чалавека» А. Мюрэй. Жывая вера ўчыняе жыватворны ўплыў на ўнутранага чалавека — дух і душу, на волю, розум і пачуцьці, уваскрашае да новага жыцьця ў Хрысьце і з Хрыстом — у Ягонай праўдзе. Яна прыводзіць нас да жыцьця вечнага, да ўдзелу ў спадчыне сьвятых, вядзе ў Царкву выбраных, якая ёсьць нявеста Хрыста (Адкр. 21:9).
Вера Божая — гэта вялікі дар Божай мілвсцi чалавечаму сэрцу Рым. 10:9-10. Яна ёсьць водгалас адкрыцьця Божага, дадзенага сьвету праз Бога, і яна ёсьць плод Духа, прадукт Духа Гал. 5:22, г. зн. вера нараджаецца ў духу чалавека не ад чалавечых перакананьняў або доказаў, але ад Самога Бога праз слуханьне Ягонага Слова, як напісана: «Вера ад слуханьня, а слуханьне ад Слова Божага» Рым. 10:17. Бог і вера Божая надта цесна ўзаемадзейнічаюць між сабой. Верыць — значыць ва ўсім згаджацца з Богам, давярацца Яму, прызнаваць сваю бездапаможнасьць і цалкам спадзявацца на Ягоныя абяцаньні, просячы ў Яго іхняга выкананьня. Верыць — гэта спыніць усе свае прыродныя намаганьні і ўсякую залежнасьць ад іх.»Па веры тваёй няхай будзе табе», — любіў казаць Ісус Хрыстос таму, хто прыходзіў да Яго. Гэтымі словамі Ён адкрыў адзін з законаў Царства Нябеснага, на якім усталёўваецца і грунтуецца вера цераз Слова Божае. Але яна бясконца вышэйшая за простае лагічнае заключэньне: Бог абяцаў- і я атрымаю. Не, вера, як духоўны акт, залежыць ад словаў Ісуса Хрыста, словаў Божых, што застаюцца ў нас як жывая сіла, а таксама ад стану нашага ўнутранага жыцьця. Без малітвы, без пакорлівасьці і ўстрыманьня сябе, без паслушэнства ад усяго сэрца жывой веры быць ня можа.
Аўтар брашуры «Прабудзьце ў ва Мне», А. Мюрэй, адзначае, што ёсьць вера, якая шукае, і ёсьць вера, якая давяраецца. Вера, што давяраецца, — гэта вышэйшая і больш сьпелая вера, яна «здольная дзякаваць Госпаду за дар або перамогу, яшчэ не атрыманую, але вераю адчутую».
Вера бачыць Бога, а ня цяжкасьці, таму яна глядзіць далей за бачнае і ведае, што Гасподзь ідзе насустрач ёй. Вера падахвочвае чалавека выбраць новы шлях і ісьці па ім; яна ня кіруецца тым, што бачыць сьмяротнае вока. Вера выклікае ўнутраныя перажываньні і прымушае чалавека адрачыся ад паўшае прыроды і прыняць у сэрца ўратавальную міласць, каб ператварыцца. Вера — гэта вочы і рукі душы. Яна бачыць, прымае і моцна трымае тое, што Бог даў ёй. Яна робіць чалавека дзеячам.
Вось такой жывой Божай веры і прысьвяціў апостал Павал адзiнаццаты разьдзел пасланьня да Яўрэяў. У ім ён дае класічнае новазапаветнае азначэньне веры: «Вера ёсьць зьдзяйсьненьне чаканага і ўпэўненасьць у нябачным». І далей ён дае ёй усебаковую характарыстыку, адлюстроўваючы на падзьвіжніках веры яе цудоўныя якасьці і павучаючы царкву Хрыстову, як трэба вераваць і як вера Божая карыстаецца ў жыцьці. Пра тое, што вера ёсьць упэўненасьць у нябачным, -гэта быццам зразумела: Бог наш, Які ёсьць прадмет нашай веры, -гэта скрыты, патаемны Бог, нябачны фізічнымі вачыма Іс. 45:15. Ён — Творца ўсяго бачнага і чалавека. Ён «жыве ў недаступным сьвятле, якога ніхто зь людзей ня бачыў і бачыць ня можа» 1 Цім. 6:15-16; Ян. 1:18. Чалавек ня можа ўбачыць Бога і застацца жывым (Вых. 33:20) з тае прычыны, што фізічная прырода чалавека ня вытрымалівае няпрыкрытай славы Божай Адкр. 1:17, пра якую сказана, што яна —»агонь пажыральны» Вых. 24:17. З гэтае прычыны Бог зьявіў Сябе людзям у асобе Ісуса Хрыста, Які прыйшоў «у плоці» 1 Цім. 3:16; Ян. 1:14. Ягоныя вучні бачылі, чулі, датыкаліся Яго рукамі 1 Ян. 1:1-2 і засьведчылі аб Ім усяму сьвету. Царква ж Хрыстовая наступных вякоў у плоці Яго больш ня бачыць, але верыць у Яго паводле Ягонага слова, як піша пра гэта Пётр 1 Пятр. 1:8.Вера ўключае ў сябе давер Богу і гэта ёсьць вера, якая давяраецца і ўпэўненая ў Ягонай вернасьці. Яна ўключае і давер слову тых, хто сьведчыць пра Бога Друг. 32:4; Ян. 17:20.
Гэтая рыса веры азначае таксама і тое, што мы верым у існаваньне ўсяго нябачнага, але і таго, што рэальна існуе. Гэта і бясьсьмерце душы і жыцьцё вечнае Ян. 11:25-26; гэта і вышэйшы нябесны, духоўны сьвет — Бог і Анёлы Ягоныя Яўр. 1:14, таксама і паўшыя анёлы. Гэта і вышэйшыя нябесныя прыстанкі і «сьвяты горад Ерусалім», якія Бог падрыхтаваў тым, хто любіць Яго Ян. 14:1-3; Адкр. 21:10; гэта і вышэйшыя нябесныя скарбы, якія Бог паабяцаў тым, хто дзеля Яго ўсё на зямлі лічыць «марнасьцю» Маць. 6:19-21; 1 Кар. 2:9-10; Кал. 3:24.
Мы ня толькі верым у існаваньне ўсяго гэтага, але ўпэўненыя ў ім, успрымаем яго, як сапраўдную рэчаіснасьць, настолькі сапраўдную, што ўсё астатняе, г. зн. нашае зямное жыцьцё, здаецца нам міражом таму, што яно праходзіць. Мы ўсім сэрцам намагаемся да гэтай рэчаіснасьці, змагаемся за яе. Мы так давяраемся нябачнаму Госпаду, што гэтая вера, гэты давер становiцца нашай перакананасьцю, упэўненасьцю ў непарушным выкананьні таго, што Бог паабяцаў, у атрыманьні ў спадчыну ўсяго таго, што Ён падрыхтаваў: міру і спакою, бясьсмерця і шчасьця ў прыгожа ўсталёваным, бязгрэшным, духоўным, замагільным сьвеце.
Гэта і ёсьць вера як «упэўненасьць ў нябачным».
Адсюль стаецца зразумелым і другі бок веры, другая яе неад’емная рыса: «Вера ёсьць зьдзяйсьненьне чаканага».
Менавіта вера Божая ёсьць тая духоўная сіла, якая зьдзяйсьняе чаканае, трансфармуе веру ў факты. Яна, паводле словаў апостала Паўла, «называе няіснае, як існае» Рым. 4:17. «Няіснае» — гэта тое, што яшчэ не адбылося, але чаго мы чакаем, да чаго імкнёмся; гэта аб’ект нашай надзеі, нашых спадзяваньняў і імкненьняў. І дзякуючы дзейнасьці і цьвёрдасьці веры мы дасягаем таго, у што верым.
Вера і паслухмянасьць ідуць побач. Чалавек веруе Богу і атрымлівае ўсё праз Яго. Фактычна вера — гэта дзея паводле Ягонага Слова. Праз веру, праяўленую ў сэрцы, мы атрымліваем ад Бога ў шчодрасьці Ягоную міласьць, яўленую ў Хрысьце Ісусе, і паўнату Ягоных каштоўных абяцаньняў, празь якія далучаемся да Боскай існасьці. Вера робіць нас уладальнікамі ўсіх нябачных духоўных дабротаў, якія Бог у Сваёй прамудрасьці падрыхтаваў чалавеку.
Вераю ў Галгофскую перамогу Сына Божага мы атрымліваем вечную спадчыну ў Ім, вераю мы атрымліваем сілу жыць праведна, жыцьцём уваскрэсеньня і несьці крыж свой па сьлядах Хрыста. Вераю мы атрымліваем сілу пераносіць усе выпрабаваньні і спакусы ў гэтым сьвеце, пераадольваем усе цяжкасьці і пакуты на шляху веры.Вера — гэта гатоўнасьць прыняць самыя незразумелыя рэчаіснасьці, нават тыя, якія мы ня можам растлумачыць. Вера — гэта тое нявыказнае, чым дасягаецца знаходжаньне з Богам. Яна падымае чалавека туды, дзе самі сабою вырашаюцца ўсе пытаньні, усе праблемы і ўсе непаразуменьні, бо яна пачынае бачыць жыцьцё вачыма Божымі.
Зьдзяйсьненьне чаканага вераю ёсьць адзін з фундаментальных прынцыпаў веры Божай. Вера чалавечая спачатку хоча нешта ўбачыць, пацьвердзіць, потым толькі верыць. Вера ж Божая робіць наадварот: спачатку верыць, а потым бачыць свае плады. Усё Пісаньне, уся Праўда Божая, уся справа Божая прасякнутыя гэтым духам, збудаваныя на прынцыпе веры, якая абвяшчае наперад тое, чаго яшчэ няма, але што, на падставе Гасподніх абяцаньняў, абавязкова ажыцьцёвіцца, бо мае пад сабою непахісную гарантыю ў асобе нябачнага, вечна жывога, усемагутнага і ўседобрага Бога. Так зрабіў Ісус каля зачыненай магілы Лазара Ян. 11:40-44: Ён спачатку падзякаваў Богу за тое, што Ён чуе Ягоныя малітвы, а потым загадаў Лазару выйсьці з магілы, г. зн. Ён перш за ўсё вераю і, канечне ж, сілай Божай уваскрэсіў яго. Але вераю Ён заявіў гэтую перамогу!
Так зрабіў у Старым Запавеце Абрагам, які наперад паверыў словам Божым аб тым, што сказаў яму Гасподзь, і адпаведна сказанаму жыў, да гэтых абяцаньняў Ягоных накіроўваў сваю веру, а таму ягоная вера залічылася яму ў праведнасьць Быць. 15:5-6.
У кнізе Адкрыцьця 11:15 паказана, як пры самой трубе, калі адбудзецца ўзьняцьце царквы 1 Кар. 15:51-52, Бог абвяшчае станаўленьне Царства Божага на зямлі, хоць яшчэ 3,5 гады ў моцнай лютасьці будзе гаспадарыць антыхрыст. Але вера Божая ўжо бачыць канец ліха і перамогу праўды і ўлады Хрыста.
Вось гэта і ёсьць ажыцьцяўленьне вераю нябачнага!
Такой верай жыла Першаапостальская царква. Такой веры вучыў Ісус Сваіх вучняў і такую веру Ён хоча знайсьці, калі зноў прыйдзе на зямлю як Валадар Лук. 18:8. Да такой веры Ён настойліва заклікае ўсіх Сваіх пасьлядоўнікаў: «Майце веру Божую» Марк. 11:23! Такая вера ва ўсе Ягоныя абяцаньні застаецца галоўнай сілай, што вядзе хрысьціяніна.
Браце і сястра! Ці ты маеш такую веру? Сьвятое Пісаньне дае веры ўзьнёслую характарыстыку, суправаджаючы яе цудоўнымі эпітэтамі. Вера Божая, паводле Пісаньня, гэта:
«Найсьвяцейшая вера» Юд. 1:20, г. зн. духоўна і маральна яна беззаганная, чыстая, сьвятая, дасканалая, бяз дэфэкту, аддзеленая ад усякага зла і вядзе чалавека да асьвячэньня і спалучэньня з Богам.
Гэта ёсьць «дарагая вера» 2 Пятр. 1:1, даражэйшая за ўсе скарбы сьвету і ўсе найвялікшыя зямныя даброты. Яна — найвялікшая каштоўнасьць таго, хто ёю валодае, таму што ёсьць дар міласцi Божай. Менавіта яна падводзіць чалавека да дзьвярэй Царства Нябеснага і перадае ў рукі Ўладыкі яго на вечныя часы.
Яна — «выпрабаваная вера» 1 Пятр. 1:7, якая вытрымала выпрабаваньні ў агні пакутаў, правераная Богам на праўдзівасьць, трываласьць і вернасьць Яму.
Гэта ёсьць вера, «якая перамагла сьвет» 1 Ян. 5:4-5. Яна пераадолела шматаблічнае ліха гэтага сьвету, перамагла «пожадзь плоці, пожадзь вачэй» і не пайшла ўсьлед за «пыхам жыцьцёвым» 1 Ян. 2:15-17. Яна аддзяліла нас ад духу гэтага сьвету, усіх прывабнасьцяў і чараваньняў ягоных і ня ўдзельнічае ў ягоных злых справах.
Яна ёсьць «вера, што дзее празь любоў» Гал. 5:6. Бяз любові вера бясьсільная, мёртвая, бязжыцьцёвая, такая, што адпіхае. Але калі яна дзее празь любоў, як і Бог, дык не аддае злом за зло, а робіць дабро і дабраслаўляе. Яна прываблівае да сябе людзей зычлівасьцю, адкрытасьцю, шчырасьцю, служэньнем, цяплынёй 1 Пятр. 3:9.
Яна ёсьць «эвангельская вера» Філ. 1:27. Яна далёкая ад іншых чалавечых найменьняў, якія не выяўляюць сутнасьці Божай веры. Свае дагматы, пастулаты і тэзісы яна засноўвае толькі на Дабравесьці Ісуса Хрыста — добрай вестцы, прынесенай Ісусам на зямлю пры Сваім першым прышэсьці. Яна вызнае адзінага Бога Айца, Сына Ягонага, Ісуса Хрыста, і Сьвятога Духа; верыць у адзіную саборную Апостальскую Царкву, прытрымліваецца аднаго хрышчэньня, чакае ўваскрэсеньня мёртвых і жыцьця будучага веку.
У залежнасьці ад духоўнага стану веруючых вера можа быць:
* вялікая і малая Маць. 14:22-33; 15:21-28
* жывая і мёртвая 1 Пятр. 1:3;
* моцная і нямоцная Рым. 14:1; 15:1
* цьвёрдая і пахісная 2 Кар. 1:24; Кал. 1:23
* здаровая і фанатычная Ціт. 2:1-9; 1:9,13
* шчырая і крывадушная 2 Цім. 1:5
* умацаваная Кал. 2:7
* такая, якая расьце 2 Фес. 1:3
* такая, якая часамі сумняваецца Маць. 14:31
* зьмізарнелая Лук. 22:32
* багатая ў некаторых людзей Як. 2:5
* прылада ў барацьбе дзеля духоўнай перамогі Маць. 17:19-21; 1 Пятр. 5:8-9; Эфэс. 6:16
Дык вось, вераю мы прымаем дарагія абяцаньні Божыя, моц і ўладу для пераможнага жыцьця Лук. 10:19. Вераю супрацьстаім ярархіі зла, апранаемся, як шчытом, каб адбіць усе распаленыя стрэлы ліхадзея. Вераю ходзім перад Богам у праўдзе Ягонай, вераю будуем Царкву Новага Запавету.
Дарагія чытачы! Нарадзіўшыся вераю для Госпада праз пакаяньне і адраджэньне ад Слова Божага і Духа Сьвятога, мы мусім узрастаць у веры 1 Пятр. 2:2; 2 Пятр. 3:18, умацоўвацца ў веры, укараняючыся і ўсталёўваючыся вераю ў Хрысьце. Апостал Павел бачыў, як узрастала вера ў карынфянаў 2 Кар. 10:15, фесаланікійцаў 2 Фес. 1:3. Гэта нармальнае жыцьцё, калі хрысьціянін узрастае ў веры.
Што значыць узрастаць у веры?
Гэта значыць пераходзіць «ад веры ў веру» Рым. 1:17 — ад веры дзіцячай і слабой у веру дарослую і ўмацаваную, у веру ўзмужнелую, моцную, цьвёрдую і непахісную.
І ня толькі ўзрастаць, але неабходна стала жыць у веры Гал. 2:20. Мы павінны навучыцца кіравацца вераю не ў асобныя пэрыяды свайго жыцьця, а на працягу ўсяго жыцьця! Біблія называе гэта «хаджэньнем паводле веры» Быць. 5:24.
Мы павінны навучыцца хадзіць у веры ўсе гады жыцьця, пакуль Гасподзь не пакліча нас да Сябе. Для гэтага трэба трымаць сябе ў веры і змагацца ў веры, як піша аб сабе апостал Павел 2 Цім. 4:7.
Мы дажылі да тых дзён, пра якія Павал пісаў, што «здаровага вучэньня прымаць ня будуць, а паводле сваіх прыхамацяў будуць выбіраць сабе настаўнікаў, лісьлівых слыху» 2 Цім. 4:3-4.
Гэта небясьпека апошняга часу: затапленьне сьвету спакусьлівымі вучэньнямі, тэорыямі і ідэямі, якія ідуць пад сьцягам праўды. Неспакушанаму чалавеку цяжка і разабрацца. А таму ня будзем у веры «недаросткамі, якіх хістаюць і захапляюць усякія вятры навукі, каб падманам людзкім, штукарскай хітрынай увесьці ў смутку» Эфэс. 4:14.
Сёньня асабліва актуальна гучыць заклік апостала Паўла: «Дык вось, братове любасныя, будзьце цьвёрдыя, непахісныя, заўсёды майце посьпех у справе Гасподняй, ведаючы, што праца вашая не змарнее перад Госпадам» 1 Кар. 15:58.
Гэта заклік да нас-быць цьвёрдымі ў веры. Павел разам з Варнавам мацаваў «душы вучням, умаўляючы заставацца ў веры» Дзеі 14:22.
Зямное жыцьцё ў некаторых месцах Пісаньня прадстаўлена пад выглядам водаў вялікіх Пс. 68:3,16 або «мора ўсхваляванага, якое ня можа супакоіцца» Іс. 57:20. Хвалі гэтага мора цёмныя і страшэнныя. Патрэбныя мужнасьць, цьвёрдасьць духа, непахісная вера, каб іх пераадолець. Трэба надта старанна глядзець за станам нашай лодкі або карабля, каб яны не далі цечы, засьцерагчы сябе ад крушэньня ў веры. Тут вера іграе магутную ролю. І калі яна цьвёрдая, моцная і непахісная, мы абазякова пераадолеем усе глыбокія воды, усе бездані, небясьпекі і ўзрушэньні і дасягнём жаданай гавані.
Будзем жа захоўваць, прыяцелі мае, «тайнасьць веры ў чыстым сумленьні» 1 Цім. 3:9. Будзем вызнаваць сваю веру адкрыта Маць. 10:32; Рым. 10:9. Будзем пераймаць веру сьвятых Філ. 3:17; Яўр. 13:7.

У. Я. Канатуш
Журнал «Крыница жыцця»

 

Поделиться
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •